У Палацы Румянцавых і Паскевічаў прадстаўлена выстава скульптур “Мова формы”

Выстава з’яўляецца чарговым сумесным праектам музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з Беларускім саюзам мастакоў. За апошнія гады ў залах палаца арганізавана мноства комплексных і персанальных выстаў, якія прадстаўляюць творчасць членаў БСМ. Яскравай праявай супрацоўніцтва музейнай установы і грамадскага аб’яднання стала правядзенне ў 2019 годзе рэспубліканскага пленэра выяўленчага мастацтва і вялікай комплекснай выставы «Сто гадоў, сто імёнаў», прымеркаваных да 100-гадовага юбілею музея.

У экспазіцыі прадстаўлены творы найстарэйшых майстроў у галіне скульптуры. Сярод іх народны мастак Беларусі Л. М. Гумілеўскі, вядомы гамяльчанам як стваральнік (разам з сынам Сяргеем) помніка Кірылу Тураўскаму ў скверы каля драмтэатра. З 1981 года жыве і самааддана працуе ў нашай краіне скульптар Беларускага саюза мастакоў, народны мастак Чачэнскай рэспублікі і Рэспублікі Дагестан Х. Г. Асадулаеў, якога называюць «беларускім дагестанцам». Побач з іх творамі – работы прадстаўнікоў сярэдняга і малодшага пакаленняў, выкананыя ў дрэве, камені, бетоне, метале, кераміцы.

Кожны з прадстаўленных аўтараў размаўляе на ўласнай мове вобразаў і рашэнняў. Хтосьці стварае абстрактныя, сімвалічныя работы са шкла і пластыка, якія знаходзяцца на мяжы скульптуры і дызайну, а хтосьці хоча сказаць сваё слова ў традыцыйных бронзе і камені праз звыклую фігуратыўную пластыку ці яе трансфармацыю і сучаснае аўтарскае пераасэнсаванне. Пры гэтым многія творы прасякнуты глыбокімі перажываннямі і часта носяць алегарычны характар.

Источник: https://gp.by
© Правда Гомель

Если Вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: