Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў культуры – журналісты «НД» завіталі ў Лукскі Дом народнай творчасці Жлобінскага раёна, дзе пазнаёміліся з таленавітым майстрам мастацкіх рамёстваў Ганнай Бацюшковай.
– Беларуская культура – гэта духоўная скарбніца народа, вытокі яго непаўторнасці, нацыянальнай годнасці, – адзначае Ганна Кірэеўна. – Асноўная задача работнікаў нашай сферы – захаванне гістарычнай памяці, адраджэнне традыцыйных народных рамёстваў. Таму сваіх лялек, якіх я раблю, апранаю ў нацыянальны беларускі строй.
З маленства Ганна любіла маляванне, таму будучую прафесію абрала творчую і паступіла ў Кобрынскае ПТВ народных мастацкіх промыслаў. Потым працавала на Жлобінскай фабрыцы мастацкай інкрустацыі. А пасля жыццё прывяло яе ў Лукскі Дом народнай творчасці.
Прыгожыя вырабы Ганны Бацюшковай – гэта не проста ўнікальныя сувеніры, яны з’яўляюцца сімваламі сямейных каштоўнасцей, традыцыйных заняткаў нашых продкаў. Майстар робіць лялек, выкарыстоўваючы натуральныя матэрыялы і ўкладваючы ў іх цяпло душы і станоўчую энергетыку. Можа, таму яны выглядаюць так, нібы зараз завядуць з вамі размову. Вось Яніна і Ясь, яны нядаўна былі на дажынках, таму ў дзяўчыны ў руках сноп, а ў хлопца – каса. А вось Вераніка, яна – дамавітая гаспадынька і чакае гасцей з абаранкамі і гарачай гарбатай. Дарэчы, гэтае імя ў лялькі нездарма – так завуць дачку таленавітай жанчыны.
– Прататыпы маіх творчых работ – звычайныя людзі, якія жывуць побач са мной, – распавядае Ганна Кірэеўна. – Мае землякі вельмі прыгожыя і прывабныя, трэба толькі ўмець гэта разгледзець. Сваёй творчасцю я дапамагаю людзям атрымаць асалоду ад сузірання прыгажосці. Мае лялькі захоўваюць лепшыя традыцыі народнай культуры, якая мае глыбокія карані і багатую гісторыяю.
Яніна ШУМЧАНКА.
Фота Мікалая СЕМЯНЦА.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: