Нехта з цемры аддаў мікрафон і падаў мне руку. Раз прыступка, другая, трэцяя… Божа, які няўстойлівы абцас, і навошта я надзела гэтыя туфлі. Бачу налеплены на падлозе сцэны ружовы квадрацік – месца, дзе трэба стаць. Накіроўваюся туды і раптам разумею: не памятаю пачатак песні.
Для кастынгу выбрала няпростую, але вельмі прыгожую кампазіцыю «Белая ластаўка».
Здаецца, ішла да гэтага квадраціка цэлую вечнасць і спрабавала выцягнуць з памяці тэкст першага куплета сваёй падрыхтаванай «Белай ластаўкі», якую ў арыгінале спявае Алена Ланская.
У гэты момант адчувала сябе ў знаёмай многім кампазіцыі «Город, которого нет». Там гучаць у прыпеве словы: «Мне до него последний шаг, и этот шаг длиннее жизни…». Крокі да ружовага квадрата сапраўды былі даўжэйшымі, чым мае 24 гады.
Адзін дзень, два куміры
Кастынг на народнае вакальнае шоу «Звездный путь» арганізаваны такім чынам: пяць прадзюсараў, сярод якіх Ірына Дарафеева, Жанет, Андрэй Гузель, Яўгеній Алейнік і Валерый Шмат, набіраюць па ўсёй краіне каманды. Кожны з настаўнікаў прыязджае ў горад для адбору і адзін дзень праслухоўвае жадаючых. Каб патрапіць сюды, неабходна быць паўналетнім членам прафсаюза і не мець спецыяльнай музычнай адукацыі.

Доўга разважаць, да якога менавіта прадзюсара я пайду, не прыйшлося: выбар паў на Валерыя Шмата – заслужанага артыста Беларусі, кампазітара, спевака, арганіста і лідэра арт-групы «Беларусы». Цікава, што з творчасцю музыканта я пазнаёмілася, калі сачыла ў інтэрнэце за ягонай жонкай – пісьменніцай, дырэктарам і прадзюсарам арт-групы Алесяй Кузняцовай. Яна таксама была ў складзе журы на кастынгу. Атрымліваецца, у дзень адбору я сустрэла адразу двух сваіх куміраў, якія, дарэчы, сёлета адзна-чылі сярэбранае вяселле.
Праслухоўванне праходзіла на базе Дома прафсаюзаў, дзе жадаючых патрапіць у каманду да Валерыя Шмата было 78 – аматары спеваў прыехалі з розных куткоў рэгіёна, удзельнічалі нават сем’ямі.
Перажываючы за супрацоўнiкаў Дома прафсаюзаў, якiх мы, па маiх адчуваннях, адцягвалі ад работы, я хацела спусцiцца ў падвальнае памяшканне: туды якраз былi прыадчынены дзверы. Паралельна, вядома, напявала. Трэба добра патрэніравацца, таму што акрамя падрыхтаванай песні прадзюсар просіць выканаць што-небудзь яшчэ а капэла. Акуратна спускаюся ў падвал, перабіраючы рэпертуар Алены Ваенгі, углядаюся ў цемру, каб праверыць, ці ёсць там хто жывы, як раптоўна, незразумела адкуль пачуўся мужчынскі голас: «Класны вакал». Шчыра кажучы, я так і не ўбачыла, хто гэта сказаў. І ад збянтэжанасці рванула ўверх па лесвіцы, стукаючы абцасамі. Толькі крыкнула ў цемру «дзякуй». Калі б усе бабайкі былі такімі прыветлівымі, я б не баялася іх у дзяцінстве.

Акрамя бабайкі з падвала мяне і некаторых удзельнікаў напалохала яшчэ нешта. Гэтае нешта – звычайная песня з нашага дзяцінства, знаёмае кожнаму «Цудоўнае далёка». Нам пачулася, што прадзюсар папрасіў адну з канкурсантак праспяваць яе. А кампазіцыя вельмі цяжкая (гэта пацвердзіў мой педагог). Замест рэпетыцыі ўласных песень, мы разам кінуліся напяваць «Цудоўнае далёка». Дарэчы, нікому з нас трох больш яно не спатрэбілася. Правільна казаў Валерый Шмат у пачатку: не слухайце, як выступаюць іншыя, гэта збівае. Затое мы ўдосталь нажартаваліся, што цудоўнае далёка ў некаторых выпадках не такое ўжо і цудоўнае.
Іншая найважнейшая рэч – погляд прафесіянала.
Убачыць гук і сказаць дзякуй

Аказалася, каб разрадзіць атмасферу, Валерый Шмат пацікавіўся, якіх знакамітых цёзак – Лізавет – я ведаю. Успомніла дзвюх каралеў Вялікабрытаніі, але забыла пра Расійскую імперыю і імператрыцу Лізавету Пятроўну.
Зайграла музыка, на аўтамаце я ўсё ж такі ўспомніла пачатак першага куплета: спяваю і чамусьці не разумею як. Па нотах? Вышэй чым трэба? Ці ніжэй? У гэты час Алеся Кузняцова пачала паказваць Валерыю Шмату нешта ў маёй анкеце. Я ўжо зусім было напружылася. Калі музыка праз куплет спынілася, настаўнік сказаў:
– У вас у анкеце напісана: «Да 18 гадоў акружаючые казалі, што музычнага слыху няма». Дык вось, не ведаю, хто менавіта гэта казаў, але не слухайце, спелі вы чыста.
Пасля гэтых слоў я, здаецца, не чула ўжо нічога. Будучы чалавекам, які большую частку жыцця лічыў, што яму мядзведзь на вуха наступіў, пачуць такія словы ад прафесіянала, нешта з разраду фантастыкі. Ёсць праблема ў мяне ў іншым – у непастаўленым дыханні дыяфрагмай.

Насамрэч, за гэтыя дзесяць хвілін Валерый Шмат зрабіў для мяне значна больш, чым можа падацца на першы погляд. У гэты дзень я ўваходзіла ў Дом прафсаюзаў як чалавек, які сумняваецца ў тым, ці варта яму ўвогуле займацца вакалам, а выйшла – з афіцыйным дазволам гучаць.
P. S. Працяг чытайце ў наступным годзе, калі стартуе новы кастынг праекту, а я пакуль пайшла працаваць над дыханнем.
Источник: https://gp.by
© Правда Гомель

Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: