Працоўны калектыў Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў далучыўся да патрыятычнага праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё!»

У будні гомельскіх прафактывістаў увайшла добрая традыцыя – кожную пятніцу хол першага паверха будынка, дзе працуюць прадстаўнікі самай масавай грамадскай арганізацыі, ператвараецца ў сапраўдны цэнтр беларускай культуры. Сённяшні дзень не стаў выключэннем: кіраўніцтва і работнікі аб’яднання, а таксама прадстаўнікі абласных галіновых прафсаюзаў сталі ўдзельнікамі яркай патрыятычнай акцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё!».

Да мерапрыемства таксама далучылася Наталля Звенігародская, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Раніца для ўсіх прысутных выдалася незвычайнай, вясёлай і смачнай. Ужо з уваходу гучалі любімыя беларускія мелодыі. Знаёмыя кожнаму песні адразу стварылі святочны і душэўны настрой. Атмасферу дапаўняў прыемны водар хатняй выпечкі, што лунаў у паветры, напаўняючы працоўны дзень асаблівай хатняй утульнасцю.

Натхнёныя такой атмасферай, удзельнікі з задавальненнем уключыліся ў інтэрактыўную праграму, якую падрыхтавалі арганізатары. Супрацоўнікі з захапленнем разгадвалі тэматычныя рэбусы, у якіх былі схаваны назвы беларускіх прадпрыемстваў. Вялікую цікавасць выклікалі віктарыны на веданне мудрых народных прыказак і прымавак, а таксама конкурс, дзе трэба было пазнаць знакамітых землякоў па апісанні.

Асаблівым падарункам стала тое, што мерапрыемства супала з Масленічным тыднем. Паколькі пятніца традыцыйна лічыцца «Цешчынымі вячоркамі», сапраўдным сюрпрызам і галоўнай падзеяй дня стаў пачастунак духмянымі блінамі, якія прыгатавалі спецыялісты УП «Гомельтурист».

Завяршылася сустрэча на пазітыўнай ноце: кожны ўдзельнік выцягнуў сабе прадказанне на тыдзень і з шчаслівай усмешкай накіраваўся на сваё працоўнае месца.

Святлана ВАШЧАНКА

Фотаздымкі аўтара

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: