Напярэдадні святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петрыкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі была падрыхтавана экспазіцыя “Кастрычнік 1917: погляд з 21 стагоддзя”. Супрацоўнікі музея дапамогуць наведвальнікам выставы асэнсаваць карціну таго часу, зразумець прычыны і наступствы лёсавызначальных для краіны падзей.
Нават калі чалавек не вельмі добра арыентуецца ў тэме, трапіўшы ў выставачную залу, ён адразу здагадаецца: усё тут прасякнута духам савецкай эпохі гісторыі нашай краіны, а дамінуючым колерам экспазіцыі з’яўляецца чырвоны: чырвоныя сцягі, чырвоныя вымпелы, чырвоныя піянеркія гальштукі, чырвоныя гваздзікі.
Шырока прадстаўлены на выставе разнастайныя выявы правадыра сусветнага пралетарыяту – Уладзіміра Леніна, стваральніка першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы, які быў, без перабольшання, сімвалам той эпохі і ключавой асобай падзей тых часоў.
Многія экспанаты выставы расказваюць пра жыццё петрыкаўчан у савецкі час. Сярод іх асабістыя дакументы жыхароў нашага горада і раёна: ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, камсамольскія білеты розных гадоў савецкай эпохі. Менавіта з гэтымі білетамі звязаны гады даваеннай ударнай працы, з ім камсамольцы здзяйснялі подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і аднаўлялі пасля гадоў ліхалецця народную гаспадарку.
Асаблівае месца сярод экспа-натаў займаюць рэчы, якія расказваюць пра дасягненні нашага раёна ў савецкі перыяд. Сярод іх: дыплом Петрыкаўскаму раёну – Пераможцу Рэспубліканскіх Сацыялістычных спаборніцтваў і Пераходзячы Чырвоны сцяг. Змогуць азнаёміцца наведвальнікі і са Статутам Камуністычнай Партыі Савецкага Саюза, які ў свой час з’яўляўся асноўным законам унутранага жыцця Камуністычнай партыі СССР.
У экспазіцыі прадстаўлены і атрыбуты савецкіх школьнікаў: сцяжок акцябронка, глобус, пахвальны ліст, пасведчанне аб поспехах і паводзінах вучня 2-га класа Петрыкаўскага чатырохкласнага вышэйшага пачатковага вучылішча, датаванае 1917 годам, школьныя падручнікі і навучальныя дапаможнікі 50-70-х гадоў мінулага стагоддзя. Выставу дапаўняюць фотаздымкі настаўніцкіх калектываў і класаў навучальных устаноў савецкага перыяду: Беларускай і Рускай школ, першай Петрыкаўскай школы.
У дзень святкавання Кастрыч-ніцкай рэвалюцыі традыцыйным сталі такія атрыбуты свята, як ваенны парад і дэманстрацыя працоўных, з фотаздымкамі якіх наведвальнікі музея таксама могуць азнаёміцца.
Экспазіцыю дапаўняюць Дзяржаўныя сцягі СССР, што сталі сімвал Савецкай дзяржавы, яе суверэнітэту і братэрства народаў.
Не забывайцеся павіншаваць з гэтым значным для іх святам сваіх бабуль і дзядуль, усіх блізкіх, якія частку свайго жыцця былі грамадзянамі Савецкага Саюза, бо 7 лістапада мае для іх асаблівы сэнс.
Галіна ЗАНКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: