Карэнная жыхарка вёскі Мохаў Лоеўскага раёна Матрона Афанасенка – захавальніца скарбонкі фальклорнага багацця сваёй вёскі і рэгіёна

Хату гэтай жанчыны на стромкай дняпроўскай тэрасе ведае амаль увесь навуковы свет, беларускі, канешне. Шмат гадоў фалькларысты, лінгвісты, этнографы, студэнты ехалі да яе, каб пачуць мову, запісаць песні і паданні, прыказкі і прымаўкі, духоўныя вершы. І яна заўсёды гасцінна запрашала ў хату.

Матрона Юр’еўна – з роду Арцёменак. Некалькі пакаленняў яе продкаў адсюль, з вёскі на беразе Мохаўскага возера, якое ў старажытнасці было адрэзкам Дняпра. Матрона нарадзілася ў 1933 годзе. З маленства чула песні матулі, цётак, убірала ў сябе аповеды, пачутыя ад жыхароў Лоеўшчыны, іх народную мудрасць.

Перад Вялікай Айчыннай вайной сям’я Юрыя і Галіны Арцёменак разам з трыма дзецьмі (роднымі Матронай і Пятром, прыёмнай Нінай) пераехалі ў Рэчыцу, дзе бацька працаваў бляхаром у арцелі, вырабляў скрыні. Адсюль ён пайшоў на вайну, з якой не вярнуўся. Жонка і дзеці з’ехалі назад у родную вёску, на папялішча, якое пакінулі нямецка-фашысцкія захопнікі.

– Матуля сама будавала хату, – успамінае Матрона Афанасенка. – Вясной адправілася яна на нізкі (левы – заўвага аўтара) бераг Дняпра для нарыхтоўкі драўніны. Два дні матулечкі не было. Я зайду ў Шолахаў Бугор (урочышча каля Мохава), сяду ды пяю жалобныя песні, плачу, думаючы, што матуля патанула. Мужчыны дапамаглі ёй спілаваць хвоі, звязаць некалькі плытоў. Іх па рацэ і пойме прыгналі пад гару. Якія кароткія – цягалі з матуляй, а каб доўгія перавезці, прасілі ў аднавяскоўцаў карову.

Ішоў час, скончылася вайна, людзі пачыналі новае жыццё, шчыравалі на зямлі, спявалі песні. Матрона рана пайшла працаваць. Адправілася з дняпроўскага берага да рабочай Касцюкоўкі. Каб уладкавацца на торфаздабываючае прадпрыемства, вымушана была прыбавіць да свайго ўзросту яшчэ два гады. Працавала на торфараспрацоўках. У няпростых умовах, стоячы па калена ў вадзе, Матрона з іншымі дзяўчатамі, лічы, яшчэ дзецьмі, якія прыехалі на заробкі з розных раёнаў Гомельшчыны, нарыхтоўвалі торф для шклозавода.

Матрону – прыгожую і гаспадарлівую дзяўчыну – узяў у жонкі мохаўскі хлопец Пятро Афанасенка. У роднай вёсцы маладыя пабудавалі новую хату. Муж працаваў старэйшым рулявым на параходах «Советская Белоруссия», «Краснофлотец», «Марксист», хадзіў па Сожы, Дняпры… Маладыя ў шчасці нараджалі і гадавалі дзяцей. У Афанасенак іх чацвёра. Дочкі Таццяна і Ніна – настаўнікі, усё жыццё адпрацавалі ў школе і дзіцячым садку, сын Валянцін – вайсковец, малодшы Пятро ужо нябожчык. Афанасенкі спраўна вялі вялікую гаспадарку, мелі трактар, мельніцу, цыркулярку.

Шмат гадоў фалькларысты, лінгвісты, этнографы, студэнты ехалі да яе, каб пачуць мову, запісаць песні і паданні, прыказкі і прымаўкі, духоўныя вершы

Колькі помніць сябе Матрона Юр’еўна, столькі яна і спявала тыя песні, якія самі лёгка запаміналіся. У гэтых песнях – вясёлых і журботных – адлюстравалася яе доля, доля народа. Жанчына ведае шмат царкоўных твораў, у тым ліку псалмоў і духоўных вершаў. Больш за чвэрць стагоддзя яна спявала ў царкоўным хоры Свята-Троіцкага сабора ў Лоеве, ва ўзвядзенні якога прымала ўдзел, стоячы на будаўнічых рыштаваннях з кельмай і цаглінай у руках. Да гэтага божага дома ішла са сваёй свечкай з пчалінага воску. Больш за 40 гадоў займалася пчалярствам. І заўсёды ахвяравала на царкву.

За дзесяцігоддзі навукоўцы сабралі і запісалі шмат мясцовых абрадаў і звычаяў, паданняў і прыкмет, прыказак і прымавак, народных і духоўных песень, якія згадвала жанчына.

– Неяк дзве студэнткі прыязджалі, – расказвае дачка Матроны Афанасенка Таццяна. – За два дні запісалі па сто пяцьдзясят тэкстаў кожная.

Звычайна навукоўцы наведваюцца зімой, калі сялянскія клопаты перацякаюць у хату. Адны прыехалі на пачатку восені, спяшаліся падрыхтаваць кнігу. Было яшчэ шмат работы ў полі, але Матрона ім не адмовіла.

– Вось і капалі з намі бульбу дактары і прафесары са сталіцы, – смяецца Матрона Юр’еўна.

Яна мела дачыненне і да прачытання незвычайнай мовы – глінянай мовы продкаў. З 2003 года, калі даследаванні каля вёскі пачала валанцёрская археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам вядомага беларускага археолага Алега Макушнікава і намесніка старшыні абласнога аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Васіля Сычова (пра экспедыцыю неаднаразова пісала «Гомельская праўда»).

Больш чым пятнаццаць гадоў жанчына дапамагала навукоўцам – і словам, і справай. Што цікава, інфармацыя, звязаная з легендамі і паданнямі мясцовасці, пачутая і занатаваная ад Матроны Юр’еўны, і якая была пацверджана археалагічна, лягла ў аснову дыпломных і навуковых работ студэнтаў, друкаваных навуковых выданняў па археалогіі, таксама і міжнародных.

Было яшчэ шмат работы ў полі, але Матрона Юр’еўна гасцямне адмовіла.
– Вось і капалі з намі бульбу дактары і прафесары са сталіцы, – смяецца яна

Творы, запісаныя даследчыкамі, яе прозвішча надрукаваны ў айчынных кнігах, у тым ліку ў акадэмічным фундаментальным выданні «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» у шасці тамах, адзін з якіх прысвечаны рэгіёну Гомельскага Палесся і Падняпроўя.

У хаце Матроны Афанасенкі ў чырвоным куце, дзе іконы з абліччамі святых у абрамленні ручніка, у лампадцы гарыць агеньчык. На сценах паміж вокнамі вісяць драўляныя ліштвы-рамкі з фотакарткамі тых, хто нараджаўся, каго хрысцілі, хто служыў у войску, вянчаўся і каго ўжо няма на гэтым свеце.

У паважаным узросце зараз Матрона Юр’еўна. Ва ўсім дапамагае старэйшая дачка Таццяна, якая пераехала з вялікага горада ў родную вёску. Юр’еўна кажа, што, канешне, цяжкасцей нямала, але яшчэ сама і козачку доіць. Валасы даўно асыпаны жыццёвым срэбрам, а кожны яе сказ – народная мудрасць, за ўсё ўдзячна шчасліваму лёсу і філасофскі кажа: «Што ні дзень, то бліжэй да зямелькі…».

Памятаю, як пятнаццацьгадоў назад уздоўж старога шляху і плыні Дняпра лілася яшчэ адна рака – з жанчын-сялянак з вёскі Мохаў, якія пешшу, вяртаючыся з лоеўскай царквы, заўсёды ішлі з песняй. На жаль, з кожным годам мялее гэтая чалавечая рака. Адыходзяць у іншы свет беларускія мадонны, а разам з імі ў вечнасць – і традыцыя, песня некранутай цывілізацыі, у якой – душа народа, яго калектыўная памяць. Гэтай песні нельга здрадзіць, яе нельга забыць. І ліецца над жыццёвымі берагамі песня нашай агульнай калыскі, песня, што нараджае ўспамін, замову на шчаслівае жыццё.

Источник: https://gp.by
© Правда Гомель

Если Вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: